Обратная связь
Карта сайта
О проекте
Проекты
Официально
Перечни очередности выполнения работ КУП «Слуцкое ЖКХ»
Радио
“Весткi Случчыны”
Информационные ресурсы
Мы - случчане
А.Л. Сасноўская: «Хачу падабраць ключык да сэрца кожнага вучня»
10.04.2017

Алена Леанідаўна Сасноўская – настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №11, пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» ў намінацыі «Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка».


Энергічная прыгажуня, для вучняў яна, хутчэй, добры сябар. І сапраўдны прыклад. Алена Леанідаўна мэтанакіраваная, пазітыўная, добрая, светлая, ад яе нібы зыходзіць радасць. Вучыцца ў такога настаўніка – адно задавальненне. Так гавораць пра яе вучаніцы.
І не дзіўна, што ўсё ў яе атрымліваецца на педагагічнай ніве. Алена Леанідаўна з настаўніцкай сям’і. Тата Леанід Аляксеевіч і дзядзя Сяргей Аляксеевіч Мірончыкі – настаўнікі фізічнай культуры і здароўя.

– Мой тата, мама (у душы таксама педагог, я лічу), самыя лепшыя мае настаўнікі Таццяна Уладзіміраўна і Уладзімір Уладзіміравіч Шчалкун, Ала Паўлаўна Забела і Вольга Ільінічна Паўлоўская, на якіх я заўсёды хацела быць падобнай, перадвызначылі мой прафесійны выбар, – расказвае Алена Леанідаўна. – Мне пашанцавала: я працую з самымі галоўнымі ў маім жыцці мужчынамі – татам і мужам. Дарэчы, бацькі мужа таксама настаўнікі. І гэта цудоўна, што ў нашай сям’і столькі педагогаў. Я заўсёды магу разлічваць на мудрую параду.

Алена Леанідаўна працуе ў СШ №11 з 2012 года. Аднойчы яна папрасіла сваіх вучняў напісаць сачыненне «Мой ідэальны настаўнік...», каб ведаць, якім бачаць сучаснага педагога дзеці. Стараецца адпавядаць: быць пазітыўнай, назіральнай, справядлівай, ставіцца да кожнага з разуменнем, зацікавіць сваім прадметам.
Настаўнік жа, лічыць Алена Леанідаўна, чакае ад вучняў выніку, праўда, у кожнага – свае адзінкі вымярэння выніковасці:
– Для мяне важна, якім чалавекам стане вучань пасля заканчэння школы. Думаю, настаўнік выкладае не толькі агульнаадукацыйную праграму. Ён павінен вучыць жыццю, раскрываць нязменныя духоўныя каштоўнасці: любоў да бліжняга, дабрыня, справядлівасць, узаемадапамога. Хачу, каб мае вучні былі паспяховымі ва ўсім, займалі актыўную жыццёвую пазіцыю, цанілі кожнае імгненне жыцця.

Я працую толькі трэці год, і мне гэта работа вельмі падабаецца. Заўсёды шчыра радуюся  дасягненням і нават самым маленькім перамогам маіх вучняў. Галоўнае для настаўніка, па-мойму, умець наладзіць адносіны з дзецьмі, паважаць іх: кожнаму патрэбна разуменне і адабрэнне. Калі настаўнік знойдзе ключ да сэрца кожнага вучня, ён будзе мець вялікі поспех. Вельмі спадзяюся, што і ў мяне атрымаецца падабраць усе ключыкі.
Акрамя фізкультуры і спорту Алена Леанідаўна захапляецца турызмам і музыкай, як турыстку выхаваў Дзмітрый Міхайлавіч Краўчанка, а любоў да музыкі прывіла Ала Паўлаўна Забела.


Пэўна, і гэтае захапленне дапамагло ў конкурсе, падчас якога акрамя прафесійных якасцей настаўніка (урок у незнаёмым класе, майстар-клас для студэнтаў, самааналіз урока і іншае), ацэньвалі і яго творчыя здольнасці.


– Для мяне конкурс – неацэнны вопыт, стымул для далейшага ўдасканалення, руху наперад. Гэта была цудоўная магчымасць актывізаваць свой патэнцыял, перамога надала ўпэўненасці. Уражанні толькі станоўчыя, вельмі яркія. Атмасфера панавала такая дружалюбная, шчырая. Усе ўдзельнікі добра папрацавалі, – дзеліцца думкамі Алена Леанідаўна. – Вядома ж, мой поспех – гэта і заслуга тых, то дапамагаў рыхтавацца да конкурсу. Вялікі дзякуй маім вучаніцам, якія прайшлі са мной увесь конкурсны шлях, дырэктару школы Валерыю Віктаравічу Гаркавенка, які паверыў у мае, здавалася б, неверагодныя ідэі, творчай групе – намесніку дырэктара школы Веры Канстанцінаўне Пупкевіч, настаўнікам Леаніду Аляксеевічу Мірончыку, Дзянісу Віктаравічу Сасноўскаму, Аляксандру Мікалаевічу Ганчарову. Вялікую дапамогу аказалі і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту  і турызму райвыканкама Алена Іванаўна Бандарэнка, калектыў, дырэктар СШ №8 Таццяна Віктараўна Трусава. Усім, хто падтрымліваў мяне – шчыры дзякуй. Асаблівыя словы падзякі – маёй маме, яе любоў, разуменне, вера  надавалі мне сілы і ўпэўненасці.
Алену Леанідаўну чакае яшчэ адзін, самы адказны этап конкурсу – яна прадставіць Мінскую вобласць у ліку іншых на заключным туры рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», які пройдзе  ў верасні.


– Наперадзе многа работы. Але ўпэўнена, справімся, – гаворыць А.Л. Сасноўская. – Я шчаслівая працаваць у камандзе аднадумцаў-прафесіяналаў, вельмі цаню добразычлівыя адносіны на кафедры фізічнай культуры і здароўя ў школе, садзейнічанне з боку адміністрацыі. І так прыемна кожны раз пры сустрэчы бачыць усмешкі на тварах маіх вучняў. Гэта надзейны падмурак поспеху.

Ірына МІРГАРАДАВА.

Новости 
20.10.2017
20.10.2017
20.10.2017
19.10.2017
19.10.2017
Архив
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
© Слуцкий край, 2009
Разработка и поддержка сайта БЕЛТА