Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Молодежь

Напаўняць жыццё яркімі ўражаннямі і эмоцыямі. Як працуе моладзь у ААТ «Казловічы-Агра»

27.06.2020
Механізатары Яўгеній Патапаў і Сяргей Круглоў, інжынер Андрэй Францкевіч, бухгалтары Дзіяна Сянькевіч і Аляксандра Дубовік. 

  • 28 чэрвеня – Дзень моладзі

У ААТ «Казловічы-Агра» моладзі да 31 года каля 60 чалавек з трохсот працаўнікоў, пятая частка калектыву, але гэта дзякуючы ў тым ліку  іх добрасумленнай, стараннай працы гаспадарка мае добрыя вынікі. Механізатары Яўгеній Патапаў і Сяргей Круглоў – сярод лідараў на веснавых палявых работах, на жніве таксама працуюць плённа, інжынер Андрэй Францкевіч забяспечвае бесперабойную працу тэхнікі, Дзіяна Сянькевіч і Аляксандра Дубовік бухгалтары, без іх таксама ніяк.

Шчыруюць на сельгасработах механізатар Павел Жабенка, вадзіцель Дзмітрый Кіслякоў.  Іх старанную працу таксама адзначаюць у гаспадарцы. Дзіяна Сянькевіч малады спецыяліст, працуе ў ААТ «Казловічы-Агра» паўгода, тут праходзіла і практыку падчас вучобы ў эканамічным універсітэце. Гараджанка, а цяпер з мужам жывуць у Казловічах (у кватэры бабулі) і не збіраюцца мяняць месца жыхарства, мараць пра дом тут, у аграгарадку. Для Дзіяны гэта звычнае асяроддзе: тут у дзяцінстве праводзіла многа часу ў бабулі, якая шмат гадоў аддала сельскай гаспадарцы, была перадавіком у жывёлагадоўлі, сярод перадавікоў  гаспадаркі і яе дзядзька Аляксандр Пракаповіч, тата летам не адзін ужо год працуе на жніве. Дзяўчына ініцыятыўная, энергічная, творчая, узначаліла пярвічку БРСМ і мае намер разварушыць мясцовую моладзь. Гаворыць, што вось маладых тут, на сяле, не вельмі многа, на жаль, і хацелася б жыццё сваё і іх зрабіць больш цікавым, каб не толькі работай абмяжоўваліся інтарэсы. Вядома, не заўсёды знойдзеш час на адпачынак, хапае клопату і на працы, і дома. Толькі калі ж, як не цяпер, быць актыўным, напаўняць сваё жыццё яркімі ўражаннямі і эмоцыямі, запамінальнымі сустрэчамі і падзеямі. Дарэчы, моладзь у Казловічах спартыўная, каманда сельгасарганізацыі заўсёды прымае ўдзел у раённай спартакіядзе работнікаў АПК, у іншых спаборніцтвах, турзлётах (былі ў першай пяцёрцы), велапрабегах, займала трэцяе месца ў валейболе. 

Сама Дзіяна любіць спяваць, у свой час скончыла музычную школу (прызёр і пераможца шматлікіх конкурсаў, у тым ліку міжнародных). Дзіяна лічыць, што сёння мала жывых стасункаў паміж моладдзю, многа часу аддаюць інтэрнэту, засмучае, што некаторыя выбіраюць шкодныя звычкі. Таму вельмі хацелася б зацікавіць маладых людзей, каб праводзілі час за агульнай займальнай справай. 

У ААТ «Казловічы-Агра» клапоцяцца пра моладзь, кіраўніцтва і прафкам, старшыня якога Вольга Мелехава таксама ў ліку актыўных маладых работнікаў, падтрымлівае ініцыятыву, імкненне да здаровага ладу жыцця. Напрыклад, арганізоўваюць розныя паездкі (вядома, не ў «гарачы» час), заахвочваюць наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу Слуцкага раёна (раней называўся «Алімп»), аплочваюць 50% кошту абанементаў. Маладыя сем’і забяспечваюць жыллём, будуюць дамы. А нядаўна два маладыя работнікі атрымалі службовыя кватэры. Ды ўзровень заработкаў у ААТ «Казловічы-Агра», адзначае Дзіяна Сянькевіч, адзін з найбольш высокіх у раёне сярод сельгасарганізацый. 

Адным словам, жыць у вёсцы можна цікава, толькі дадаць да жадання крыху ініцыятыўнасці, крэатыву і актыўнасці.  

Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения