Новости Слуцка и Слуцкого района

Дзеля нашай бяспекі

29.11.2018
Немагчыма растлумачыць «самаадданасць», з якой пешаходы штурмуюць небяспечныя ўчасткі дарог, перабягаюць праезную частку перад легкавушкамі. З прыходам халадоў сітуацыя толькі пагаршаецца.

Штогод у восеньскія месяцы, калі цямнее даволі рана, а дарожную абстаноўку ўскладняюць туманы, дажджы і снег, для пешаходаў пачынаецца найбольш небяспечны перыяд.

Асабліва асцярожнымі трэба быць у цёмны час сутак. З мінулага тыдня каля пешаходных пераходаў у часы пік пачалі дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі.

– Меры па ўзмацненні кантролю за пешаходнымі пераходамі прыняты ў сувязі з пагаршэннем надвор’я і ростам колькасці ДТЗ з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў, – расказаў інспектар ДПС аддзела ДАІ Слуцкага РАУС Дзмітрый Мікалаевіч Семібратаў. – Таму ў мэтах прафілактыкі наездаў на пешаходаў у гадзіны пік у найбольш небяспечных месцах дзяжураць супрацоўнікі міліцыі і інспектары Дзяржаўтаінспекцыі.

Штодня супрацоўнікі ДАІ складаюць як мінімум пяць пратаколаў на пешаходаў. Прычым вялікая частка парушэнняў – пераход дарогі ў неналежным месцы. Паводле статыстыкі, усе апошнія выпадкі ДТЗ адбыліся з удзелам пешаходаў, большасць з іх – на пешаходных пераходах. Галоўныя прычыны, з-за якіх адбываюцца ДТЗ з удзелам пешаходаў, па словах інспектара, – нечаканы выхад пешахода на праезную частку з-за перашкод; пераход праезнай часткі ў неўстаноўленым месцы; пераход дарогі на чырвонае святло; знаходжанне пешаходаў у стане алкагольнага ап'янення; парушэнне вадзіцелямі правілаў праезду пешаходных пераходаў; адсутнасць флікераў у пешаходаў у цёмны час сутак. Таксама часта пешаходы аказваюцца пад коламі аўто з-за капюшонаў, мабільных тэлефонаў, навушнікаў і таму падобнага, што перашкаджае ў поўнай меры сачыць за сітуацыяй на дарозе.

– Галоўная мэта мерапрыемства: звярнуць увагу вадзіцеляў і пешаходаў на праблему аварыйнасці, не дапусціць наездаў, правесці з пешаходамі прафілактычныя гутаркі, – адзначыў Д.М. Семібратаў.

Назіраючы за паводзінамі пешаходаў і аўтаўладальнікаў каля аднаго з пешаходных пераходаў, дзе дзяжурыў экіпаж Слуцкага аддзела ДАІ, я неаднаразова бачыла, як случчане, якія намагаліся хуценька перабегчы дарогу ў неўстаноўленым месцы, заўважыўшы супрацоўнікаў ДАІ, паспешліва мянялі траекторыю руху ў бок пешаходнага пераходу. Вадзіцелі аўтамабіляў, у сваю чаргу, максімальна зніжалі хуткасць (аж да спынення), нават калі на пешаходным пераходзе нікога не было.

– Не забывайце абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак, – звярнуўся да маладой мамы з каляскай інспектар аддзела ДАІ Слуцкага РАУС Дзмітрый Міхайлавіч Сыцько і працягнуў ёй два флікеры. – Я бачу, што ў вас ужо ёсць, перадайце мужу ці бацькам, знаёмым або павесьце дадаткова на каляску.

Літаральна праз некалькі хвілін заўважаем пажылога мужчыну, які перабягае дарогу.

– З магазіна вось, – апраўдваўся ён. – Так, вінаваты. Паленаваўся ісці да пешаходнага пераходу. Не паверыце, у першы раз!

Праверка паказала, што мужчына і сапраўды раней не трапляў у поле зроку ДАІ. Мужчыну чакае папярэджанне альбо штраф памерам у адну базавую велічыню.

Усяго з пачатку года на тэрыторыі Случчыны зарэгістравана 35 ДТЗ (у 2017 годзе за той жа перыяд – 36), з іх з удзелам пешаходаў – 13 (6) выпадкаў, веласіпедыстаў – 6 (4). 3 ДТЗ былі ўчынены вадзіцелямі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення (у 2017 годзе – 5).

У выніку ДТЗ з пачатку года загінулі 4 (2) чалавекі, траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі 35 (44) чалавек.

Паважаныя случчане, памятайце, што парушэнне правілаў дарожнага руху, неасцярожнасць, няўважлівасць і недысцыплінаванасць становяцца прычынай дарожна-транспартных здарэнняў.

Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху, будзьце абачлівымі, беражыце сябе і тых, хто знаходзіцца побач!

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения