Новости Слуцка и Слуцкого района

Вучыцца бяспецы – цікава!

11.08.2018
На базе Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча пачаў сваю работу аздараўленчы лагер «Выратавальнік», арганізаваны Мінскім абласным упраўленнем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

З дня ў дзень 50 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў з Мінской вобласці паляпшаюць свае навыкі бяспечнай жыццядзейнасці, даўрачэбнай дапамогі, плавання, адточваюць пажарна-выратавальнае майстэрства. Яны прымуць удзел у рэспубліканскім злёце юных ратавальнікаў-пажарных, які адбудзецца ў верасні ў дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым лагеры «Зубраня». 

– У Слуцку мы трэці раз. Тут вельмі добрая практычная база, усё на месцы. Вялікую падтрымку нам аказвае Слуцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Мы рэгулярна наведваем пажарную часць, дзеці трэніруюцца на штурмавой вежы, знаёмяцца з тэхнікай, унікаюць у нюансы працы ратавальнікаў, – расказвае дырэктар лагера Алена Анатольеўна Комар. – Змена доўжыцца 18 дзён. Усе рабяты – актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, пераможцы абласных і рэгіянальных конкурсаў па плаванні, АБЖ, медыцыне, пажарна-выратавальным спорце, інтэрнэт-пошуку, зводна-палявых вучэнняў.

Кожны дзень пачынаецца са страявой падрыхтоўкі, затым  сняданак, дзеці разбіваюцца па групах і працуюць з трэнерамі, якія пасля выберуць лепшых з лепшых для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Хлопчыкі ў асноўным рыхтуюцца да спаборніцтваў па пажарным спорце, дзяўчынкі – па медыцыне. Таксама ў бліжэйшы час да нас прыедуць гульцы КВЗ, якія будуць рыхтавацца да свайго конкурсу і заадно разнастаяць культурную праграму лагера, якая складаецца з прагляду фільмаў, наведвання музеяў і, вядома, дыскатэк.

У гэтую змену ў нас пароўну юнакоў і дзяўчат (хоць звычайна, як ні дзіўна, дзяўчат больш). Кожны з іх імкнецца максімальна праявіць сябе.
Неаднаразова веды, набытыя ў нас, дапамагалі дзецям  правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях.

Так, быў выпадак, калі дзяўчынка з Жодзіна ехала адпачываць разам з бацькамі на аўтамабілі. Адбылася аварыя, і пакуль прыехала хуткая дапамога, дзяўчынка змагла спыніць крывацёк у бацькі.

Дапамаглі нашы выхаванцы жанчыне з Нясвіжа, яна страціла на вуліцы прытомнасць. Ішоў моцны дождж, жанчына ўпала.  Калі б дзеці не паспелі аказаць першую дапамогу, жанчына магла б загінуць. 

Таксама нашы выхаванцы перадаюць набытыя тут веды сваім аднагодкам, што немалаважна.

Паліна ГРУША, г. Клецк:

– Я ўдзельнічаю ў зборах ужо ў трэці раз. Знаходжанне ў падобнага роду лагерах вельмі карыснае. Вучуся ратаваць людзей, аказваць ім першую даўрачэбную дапамогу, не губляцца, а правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях. А яшчэ гэта выдатная магчымасць набыць новых сяброў. 

Ягор ШПАКОЎСКІ, г. Нясвіж:

– Дзякуючы «Выратавальніку» маё лета праходзіць незвычайна. Бо я не толькі адпачываю і цікава праводжу час, але і набываю карысныя навыкі, якія, несумненна, могуць спатрэбіцца мне ў жыцці. Я заўсёды вельмі рады сустрэць на зборах старых сяброў і знайсці новых. 

Лізавета СМАЛОЎСКАЯ, г. Жодзіна:

– Сюды я прыязджаю за яркімі эмоцыямі, новымі ведамі. Вельмі падабаецца Слуцк і яго гасціннасць, Мінскае абласное кадэцкае вучылішча, якое прымае нас ужо не ў першы раз. Мы прыязджаем сюды як у госці да добрых сяброў.

– Спецыфіка лагера дапамагае юнакам і дзяўчатам вызначыцца з будучай прафесіяй, немалы працэнт з іх у далейшым паступае вучыцца ў акадэмію МНС, – адзначаюць супрацоўнікі лагера.

Так, пакуль невядома, ці стануць выхаванцы лагера ратавальнікамі, але ўжо зараз выдавочна, што кожнае дзіця, якое гатова прыйсці на дапамогу бліжняму, абавязкова вырасце сапраўдным чалавекам.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения