Зялёная эканоміка ў дзеянні
25.01.2024
Здаецца, зусім нядаўна мы, калі глядзелі замежныя фільмы, не маглі ўявіць, як гэта аўтамабілі ездзяць без бензіну. Транспартных сродкаў з зялёнымі нумарамі на дарогах Беларусі ў вялікіх і малых гарадах з’яўляецца ўсё больш. Паўсюдна ўстанаўліваюць і зарадныя станцыі для электрамабіляў. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў – і такім відам транспарту ўжо нікога не здзівіш: папулярнасць яго расце як ва ўсім свеце, так і ў нашай краіне. Гэта будучыня.
Дарэчы, у Беларусі таксама робяць стаўку на выпуск электрамабіляў. Падчас наведвання «БЕЛДЖЫ» Аляксандру Лукашэнка далажылі аб выніках работы Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства прамысловасці па распрацоўцы і стварэнні электрамабіля на базе платформы аўтамабіля «БЕЛДЖЫ», а таксама прадэманстравалі ўзоры.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тэрмінах запуску вытворчасці айчыннага электрамабіля, падкрэсліўшы, што часу няма і трэба варушыцца, пакуль у свеце трэнд на такія машыны і попыт расце. Пастаўлена задача да 1 студзеня 2025 года падысці да серыйнай вытворчасці электрамабіля.
Беларускі электратранспарт ужо зараз карыстаецца на рынку вялікім попытам. На дарогах сталіцы з кожным годам прыкметна расце колькасць электробусаў і тралейбусаў з аўтаномным ходам. Усё гэта беларускай вытворчасці. Даганяюць сталіцу і рэгіёны.
У краіне рэалізуюцца два пілотныя праекты па пераводзе пасажырскага транспарту на электратранспарт у Жодзіна і Шклоўскім раёне з развіццём адпаведнай інфраструктуры. Гэтаму садзейнічае ўвядзенне ў работу другога энергаблока Беларускай АЭС. Заканчэнне рэалізацыі праектаў і пастаўка электратранспарту плануецца ў 1-м квартале 2024 года. Мэта заключаецца ў паэтапным нарошчванні выкарыстання электрычнай энергіі ў пасажырскіх перавозках, зніжэнні ўзроўню забруджвання паветра, адпрацоўцы на практыцы існуючых у краіне кампетэнцый у вытворчасці электратранспарту і зарадных станцый.
Кіраўнік дзяржавы не раз падкрэсліваў: развіццё электратранспарту – гэта не даніна модзе, а неабходнасць. Бо яго выкарыстанне вырашае адразу некалькі праблем, звязаных і з уплывам на навакольнае асяроддзе, і са спажываннем энергарэсурсаў.
Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела