Космас – наш
12.04.2024
У маім дзяцінстве, без перабольшвання скажу, амаль кожны хлопчык марыў стаць касманаўтам, а дзяўчаты – сцюардэсамі. Палёты, самалёты і ракеты, неба і нязведаная прастора – менавіта гэта прыцягвае. Ажыццявіла сваю мару Марына Васілеўская. Ёй давялося пабываць у космасе. Удвая прыемна, што яна – беларуска.
У суботу раніцай першы беларускі касманаўт Марына Васілеўская вярнулася на зямлю. Пасадка прайшла паспяхова, хоць, назіраючы, як спускаецца капсула і датыкаецца да зямлі, нават уявіць складана, што адчувае экіпаж унутры.
З паспяховым выкананнем касмічнай місіі экіпаж «Саюза» адным з першых павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Касманаўтаў і ўсіх, хто ажыццяўляў падрыхтоўку да гэтага палёту, Аляксандр Лукашэнка запрасіў у госці ў Беларусь.
Васілеўская папоўніла спіс ураджэнцаў Беларусі, якія ляталі ў космас. Першым з беларусаў на арбіце ў 1973 годзе стаў лётчык-касманаўт двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук. Тры палёты (у 1977, 1978 і 1981 гадах) на рахунку яшчэ аднаго беларуса ў космасе і двойчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Кавалёнка. Грамадзянін і Герой Расіі, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі пакараў касмічныя вяршыні ў 2012, 2016 і 2021 гадах і цяпер, разам з Марынай Васілеўскай. Беларускія карані мае і першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова: яе бацька і маці нарадзіліся ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях.
Слуцкі раён падарыў свету плеяду вучоных, без якіх немагчымым было б асваенне космасу. Ураджэнец Слуцка Сямён Косберг быў галоўным канструктарам ракетнага рухавіка, які ўваходзіў у склад трэцяй ступені ракеты-носьбіта «Усход». Пад яго кіраўніцтвам былі створаны ракетныя вадкасныя рэактыўныя рухавікі, з дапамогай якіх запушчаны ў космас першыя касманаўты, выведзены на арбіту касмічныя караблі для даследавання Луны, Венеры і Марса. Ілья Капіевіч стварыў першую рускамоўную карту зорнага неба, па якой вучыўся мараходству сам Пётр I. Каталогі зорак Вітольда Цэраскага карыстаюцца попытам у цяперашніх даследчыкаў. Яшчэ – штурман-навігатар экіпажа «Лунахода» Канстанцін Давідоўскі, начальнікі першага ў свеце касмадрома «Байканур» Канстанцін Герчык і Юрый Жукаў... Усяго больш за тры дзясяткі заваёўнікаў космасу родам са Случчыны. Прычым многія з касмічных даследчыкаў вучыліся ў гімназіі №1 Слуцка. Вучні якой – пастаянныя ўдзельнікі Міжнародных грамадска-навуковых чытанняў, прысвечаных памяці Юрыя Гагарына.
Сярэдняя школа ў Сорагах носіць імя свайго знакамітага земляка – Канстанціна Герчыка. У Слуцкім краязнаўчым музеі ёсць асобная зала, прысвечаная космасу. Там прадстаўлена вялікая колькасць экспанатаў: фатаграфіі заваёўнікаў космасу, іх асабістыя рэчы, аўтографы знакамітых землякоў, сапраўдны правіянт касманаўтаў, скафандры і бартавыя самапісцы...
Тры нашых спутнікі знаходзяцца на арбіце, палёт Васілеўскай у космас – пацверджанне, что Беларусь – касмічная дзяржава. Прэзідэнт нашай краіны лічыць гэты напрамак перспектыўным. Таму супрацоўніцтва Беларусі і Расіі на касмічную тэматыку будзе развівацца і далей.
Ірына Каваленка.
К списку записей раздела