Летняя краіна «Зорка»
18.07.2021
Летнія канікулы для дзяцей – час адпачынку і ўмацавання здароўя, фізічнай загартоўкі, аднаўлення сіл пасля доўгага навучальнага года. Дзеці з задавальненнем аддаюць перавагу адпачынку ў дзіцячым аздараўленчым лагеры, дзе знойдзецца час і для зносін з сябрамі, і для атрымання новых ведаў.
Ліпень у самым разгары, у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зорка» ў дзень нашага наведвання завяршалася другая змена «Быць годнымі Вялікай Перамогі!». А прысвечана яна патрыятычнаму выхаванню. Увесь гэты час у лагеры адпачывалі 72 хлопчыкі і дзяўчынкі.
Жыццё дзяцей у лагеры насычанае і разнастайнае, праводзяцца розныя спартыўныя, інтэлектуальныя конкурсы, творчыя вечары, цікавыя сустрэчы, квэсты і, вядома, дыскатэкі.
Як расказалі ў лагеры, тэма патрыятызму цікавая дзецям. Яны расказвалі пра сваіх прадзядуль і прабабуль, якія ўнеслі ўклад у Вялікую Перамогу. А яшчэ ў рамках патрыятычнай акцыі зоркаўцы выязджалі на ўборку помніка загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны. Выхавальнікі рыхтавалі відэапрызентацыі і штодня праводзілі для дзяцей інфармацыйныя гадзіны, на якіх абмяркоўвалі галоўныя навіны і падзеі краіны. Рабяты актыўна далучаліся да абмеркаванняў.
Уладзіслаў Жаўрыд адпачываў у «Зорцы» трэці раз.
– Чаму менавіта гэты лагер? Тут выдатныя ўмовы, харчаванне, уважлівыя і добрыя выхавальнікі і вялікая колькасць сяброў. Тут я зараджаюся пазітывам на ўвесь навучальны год.
З апошніх мерапрыемстваў вельмі спадабаўся візіт супрацоўнікаў Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цікава было паглядзець выратавальную тэхніку, ды напамін правілаў бяспекі таксама лішнім не бывае. Ну і, вядома, у такую спякоту вельмі крута было, калі нас аблілі вадой з пажарнага рукава. Такі своеасаблівы дзень Нептуна атрымаўся. Было вельмі весела. Зразумела, люблю вячэрнія дыскатэкі і валейбол. Тут у мяне з’явіліся новыя сябры, з якімі будзем сустракацца і пасля таго, як скончыцца змена.
Соф'я Мяркульева таксама не адзін год прыязджае ў «Зорку».
– Што менавіта тут мне падабаецца? Абсалютна ўсё! З вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у канцэртах, танцую. Тут я навучылася праяўляць свае лідарскія якасці, уменне працаваць у камандзе. Тут адпачываюць вельмі добрыя і вясёлыя хлопцы і дзяўчаты. Нам ніколі не бывае сумна.
Ужо «зоркаўцы» вярнуліся дадому, але ў наступным годзе абавязкова сустрэнуцца ў лагеры.
Вольга КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела