Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

У ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» пачаўся сезон перапрацоўкі цукровых буракоў

10.09.2020
 У адкрытым акцыянерным таварыстве «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» 3 верасня прыступілі да перапрацоўкі сыравіны новага ўраджаю, прыёмку салодкіх караняплодаў пачалі ў першы дзень восені. У ліку пастаўшчыкоў сыравіны – сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Аграсэрвіс-ССК»
ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат».

Дырэктар СУП «Аграсэрвіс – ССК» Андрэй Аляксандравіч Кунцэвіч расказаў, што ўборку цукровых буракоў пачалі 29 жніўня.



– Бурачныя плошчы нашай зоны абслугоўвання складаюць 3 500 гектараў у Слуцкім, Капыльскім, Любанскім раёнах Мінскай вобласці, а таксама Быхаўскім і Магілёўскім раёнах на Магілёўшчыне. Ужо ўбралі звыш 400 гектараў, – падзяліўся Андрэй Аляксандравіч. – Задзейнічана сучасная тэхніка: 7 буракаўборачных камбайнаў «Holmer», пагрузчыкі – 4 «Holmer» і 3 «Kleine», іншыя машыны. Уборку салодкіх каранёў праводзім у кругласутачным рэжыме. Буракаўборачныя камбайны аснашчаны gps-навігацыяй – для больш хуткага рэагавання ў выпадку непаладак з тэхнікай. Механізм работы ў нас адладжаны, калектыў працуе з настроем, нацэлены на добры вынік.

Мой субяседнік расказаў, што віды на ўраджай цукровых буракоў нядрэнныя. Некаторы ўрон салодкай культуры нанесла жнівеньская спёка, аднак спецыялісты разлічваюць, што бурачкі на асобных участках яшчэ могуць набраць у вазе і па цукрыстасці. Пакуль яна ўтрымліваецца на ўзроўні 15 – 16%. Разлічваюць на сярэднюю ўраджайнасць цукровых буракоў каля 500 цэнтнераў з гектара. Уборку плануюць завяршаць да 1 лістапада.

Андрэй Аляксандравіч падкрэсліў, што складана вызначыць лепшых працаўнікоў – усе ў калектыве стараюцца, многае залежыць ад спецыялістаў прадпрыемства: добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі намеснік дырэктара па вытворчасці Сяргей Віктаравіч Славашэвіч, аграномы Міхаіл Аляксандравіч Зяньковіч, Віталій Анатольевіч Мяцельскі, галоўны інжынер Уладзімір Яўгенавіч Аўдусь, інжынер Фёдар Іванавіч Алешка і іншыя. Адказна, спраўна выконваюць сваю работу механізатары Вадзім Ільіч Янкавы, Дзмітрый Міхайлавіч Іваноў, Сяргей Анатольевіч Кляшчук, Аляксандр Валер’евіч Сушанок, Андрэй Сяргеевіч Русак і іншыя.

…Хоць напярэдадні прайшоў вялікі дождж, на адным з бурачных палеткаў каля вёскі Садавічы (Капыльскі раён) зранку ўжо кіпела работа: нястомны камбайн «Holmer» рашуча рушыў па радках, выкопваючы тугія салодкія карані, зразаючы сакавітае бацвінне. Кіраваў гэтай магутнай машынай, падобнай на карабель на зялёнай прасторы, Аляксандр Валер’евіч Сушанок. Ён на гэтай пасадзе з 2003 года, адзін з лепшых механізатараў прадпрыемства, сказаў, грамат мае за добрую работу, напэўна, больш за 20.

– Ну і як справы? – пытаюся ў жыхара Казловіч. Аляксандр Валер’евіч шчыра ўсміхаецца ў адказ:

– Выдатна, зірніце, які добры ўраджай, буракі, як на падбор. Камбайн не падводзіць, спраўная машына.

– Вы ж і ноччу працуеце?

– Так, працуем па сутках, разам з напарнікам. А як жа інакш, ураджай трэба сабраць хутка, без страт. Нямала намаганняў, сіл у яго ўкладзена. Ды мы хлопцы звычныя і заработак добры. Для нас арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, а яшчэ абсталяваны бытавы вагончык, дзе можна адпачыць, паспаць, прыгатаваць ежу, прывесці сябе ў парадак. Карацей кажучы, каб так ладна і далей…

А наводдаль ракатаў пагрузчык, напаўняючы грузавую машыну буракамі. Спецыялісты мне сказалі, што пагрузка буракоў – важная працэдура, нельга, каб ураджай доўга знаходзіўся на полі – псуецца. Да таго ж за раннія тэрміны ўборкі прадпрыемства атрымлівае даплату ад камбіната.



У гуле тэхнікі, паху зямлі, смелых палётах птушак, яркасці палеткаў адчувалася вялікая еднасць, гармонія дня, напоўненага дарамі восені і людской працай. Падумалася, вось яно, галоўнае і спрадвечнае, на чым трымаецца жыццё, – прырода, праца, згода. Хочацца, каб так заўсёды было.

Як паведамілі ў ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат», запуск вытворчасці прайшоў у штатным рэжыме, на трэці дзень камбінат выйшаў на магутнасць перапрацоўкі сыравіны 12 000 тон за суткі. Сыравінная зона прадпрыемства складае 29 823 гектары: 7 раёнаў Мінскай вобласці, 5 раёнаў Магілёўскай вобласці і 3 раёныГродзеншчыны. Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці з’яўляюцца асноўнымі пастаўшчыкамі цукровых буракоў на камбінат. Сыравіну дастаўляюць аўтамабільным транспартам, захоўванне ў кагатах буракоў пачнуць з 10 верасня.



На Случчыне ўборачныя плошчы цукровых буракоў складаюць 3 419 гектараў, да іх уборкі прыступілі ў сельгасарганізацыях раёна. На нашым цукроварафінадным камбінаце па стане на 9 верасня ўжо перапрацавалі 66 768 тон сыравіны новага ўраджаю. Важная гэта справа, случчане, можна сказаць стратэгічная ў эканоміцы раёна і не толькі. Поспехаў!

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела