За чысціню зямлі Случчанскай
30.05.2019
Аб некаторых напрамках прыродаахоўнай работы на Случчыне карэспандэнту «Слуцкага краю» падчас інтэрв’ю расказаў начальнік Слуцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Аляксандравіч Цыбулька.
– Сяргей Аляксандравіч, якія прыярытэтныя задачы ў дзейнасці інспекцыі на дадзеным этапе?– Наша работа рознапланавая: кантроль за чысцінёй земляў, водных рэсурсаў, паветра, пытанні азелянення, захавання лясных угоддзяў, дзікіх жывёл і птушак, раслін, выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства і іншае. У ліку першачарговых, канечне, пытанні навядзення парадку на зямлі. Пачынаючы з 2011 года, у раёне праводзіцца работа па закрыцці міні-палігонаў для цвёрдых адходаў. Гэта рашэнне найперш абумоўлена стопрацэнтным ахопам насельніцтва Случчыны вывазам камунальных адходаў. На тэрыторыі раёна ўжо закрыты і рэкультываваны 61 міні-палігон, землі, якія раней былі пад міні-палігонамі, уцягнуты ў гаспадарчы абарот. Работы выконваліся за сродкі раённага бюджэту. За сродкі абласнога бюджэту будзе праводзіцца закрыццё і рэкультывацыя міні-палігона каля аграгарадка Вежы. На чарзе таксама ліквідацыя міні-палігонаў у Грэску, Забалаці, Горках – да 2020 года ў раёне будуць ліквідаваны ўсе міні-палігоны.
– Асаблівая ўвага ў краіне цяпер надаецца раздзельнаму збору камунальных адходаў. Як з гэтым сітуацыя ў Слуцкім раёне?– Штогод у Слуцку, вёсках раёна праводзіцца ўстаноўка кантэйнераў для раздельнага збору бытавых адходаў, і работа гэта працягваецца. Праўда, і наяўныя кантэйнеры не заўсёды запаўняюцца належным чынам. На жаль, случчане ў большасці сваёй не прытрымліваюцца раздзельнага збору адходаў. У Слуцку з бытавых адходаў выдаляецца толькі 16 працэнтаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, у рэспубліцы гэты паказчык даходзіць да 50 працэнтаў. Відавочна, гэта вельмі перспектыўны напрамак, які забяспечвае вялікую эканомію сродкаў, што пацверджана сусветнай практыкай. Напрыклад, у многіх еўрапейскіх краінах выкарыстоўваецца каля 99 працэнтаў бытавых адходаў. Варта далучацца да еўрапейскага супольніцтва, прызвычайваць насельніцтва да раздзельнага збору адходаў. Асаблівая роля ў гэтай растлумачальнай рабоце адводзіцца ЖКГ, сельвыканкамам, сродкам масавай інфармацыі.
– Актуальная цяпер тэма барацьба з інвазіўнымі раслінамі. На жаль, гэта экалагічная праблема не абмінула і Случчыну…– На гэты год зацверджаны раённыя планы мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюджання на Случчыне інвазіўных раслін – баршчавіка Сасноўскага і залатарніка канадскага. У раёне 29 гектараў земляў занята баршчавіком Сасноўскага, гэта чацвёрты паказчык у вобласці. Работа па знішчэнні гэтай шкоднай расліны вядзецца і прыносіць вынікі: у 2010 годзе плошчы пад баршчавіком Сасноўскага складалі на Случчыне 40 гектараў. На некаторых участках рэцыдывы росту баршчавіка Сасноўскага не назіраюцца ўжо больш за чатыры гады, напрыклад, каля вёскі Малоткава побач з дарожнай развязкай Р-23, у напрамку дарогі Слуцк – Жукі.
Змагацца з гэтай раслінай няпроста, скошванне і выкопванне не прыносіць жаданых вынікаў, найбольш эфектыўны спосаб барацьбы – прымяненне хімічных сродкаў. У мінулым годзе на гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдаткавана 25 тысяч рублёў – зішчэннем баршчавіка Сасноўскага займалася спецыялізаваная арганізацыя. Сёлета з раённага бюджэту выдзелена такая ж сума на правядзенне работ па знішчэнні расліны, заключаны дагавор з прадпрымальнікам на выкананне гэтых работ. Узыходжасць насення баршчавіка Сасноўскага захоўваецца да сямі гадоў, так што апрацаваныя пестыцыдамі землі застаюцца на кантролі інспекцыі.
На тэрыторыі раёна выяўлены і яшчэ адзін від інвазіўнай расліны – залатарнік канадскі. У мінулым годзе з выкарыстаннем квадракоптэра праведзена абследаванне земляў раёна – выяўлены два ўчасткі, занятыя залатарнікам, звыш 120 гектараў. Гэта тэрыторыі былых торфараспрацовак на межах Слуцкага і Пухавіцкага, а таксама Уздзенскага раёнаў. У мінулым годзе правялі хімічную апрацоўку расліны на ўчастку 10 гектараў каля вёскі Ціхань. На жаль, на землях РСУП «Саўгас «Слуцк» і ДЛГУ «Слуцкі лясгас» гэтыя работы не праводзілі.
Распаўсюджанню залатарніка садзейнічае тое, што расліна ў асенні перыяд з’яўляецца асноўным меданосам. Некаторыя жыхары нават наўмысна яе культывуюць. Карыстаючыся выпадкам, хачу зярнуцца да случчан с просьбай не рабіць гэтага, улічвайце, што расліна наносіць шкоду экалогіі роднага краю.
– З якімі пытаннямі часцей звяртацца ў інспекцыю случчане?– Цяпер больш за ўсё зваротаў па птушанятам, якія нібыта выпалі з гнёздаў. Адказваем: птушаняты вучацца лятаць, некаторыя проста не далятаюць да гнёздаў. Такую птушачку не трэба браць дамоў, шукаць ёй прытулак, самае карыснае – пасадзіць птушку на галінку дрэва, птушаня само знойдзе дарогу дамоў. Дарэчы, у раёне шмат робіцца па азеляненні тэрыторый, захаванні прыродных ландшафтаў. У прыватнасці, створаны дзве асоба ахоўваемыя прыродныя зоны: прыродны помнік Урэцкі (у раёне вёскі Заграддзе), дзе растуць лісцевыя дрэвы і сосны ўзростам больш за 120 гадоў, а таксама ландшафтны заказнік мясцовага значэння Вераб’ёўскі. На яго тэрыторыі рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную Кнігу, – чарамша, медуніца, сон-трава (на верхнім здымку) і іншыя. Плануецца стварэнне гідралагічнага помніка ў вёсцы Покрашава (крыніца). Дзякуючы намаганням нашай інспекцыі ў свой час быў закрыты і дэмантаваны цэх тэхнічных паўфабрыкатаў Слуцкага мясакамбіната, дзе рабілі косную муку. Гэта мера значна садзейнічае паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі ў горадзе.
Паважаныя случчане, стабільная экалогія малой радзімы ў значнай ступені залежыць ад нашых агульных намаганняў, ад клопату пра чысціню тэрыторый, падворкаў, рэк, азёр, ад гаспадарскага, беражлівага стаўлення да прыроды. Не забывайце, дарагія землякі, што будучае мы вызначаем сёння…
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела