Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

У музеі «пасяліліся» рысь, выдра і чапля

28.11.2019
У пачатку наступнага года экспазіцыя «Прырода краю» Слуцкага краязнаўчага музея прыме першых наведвальнікаў.

Слуцкім краязнаўчым музеі завершана афармленне экспазіцыі «Прырода краю». Яна кардынальна адрозніваецца ад ранейшай: арыгінальны дызайн, экспазіцыя папоўнілася новымі экспанатамі, усе яны размешчаны за шклянымі вітрынамі. На аснашчэнне экспазіцыі ў тым ліку выкарыстаны сродкі, заробленыя на суботніках вамі, шаноўныя землякі.



Случчане, канечне, добра памятаюць ранейшую экспазіцыю музея пра прыроду раёна, напрыклад, вялікага лася з раскідзістымі рогамі ці сямейства дзікоў, таўсматых качак, шэрага воўка або іншых насельнікаў лесу, вадаёмаў, балот і палёў нашага рэгіёну. Дакладаю: некаторыя з іх «перасяліліся» на новую экспазіцыю, той жа лось, воўк, зайчык, птушкі, але нямала і новых або рэстаўраваных экспанатаў. У іх ліку –  норка, лісіца, барсучок, рысь, выдра, ласка, глухары, чапля і іншыя. Чучалы жывёл і птушак размешчаны на невялікіх кубах за шклом, цікава аформлены сцены экспазіцыі. А яшчэ там устанавілі вялікі тэлевізар, дзе будуць дэманстраваць відэаматэрыялы па тэме экскурсій.





– Гэта першая з залаў, абсталяваная пасля капітальнага рамонту будынка нашага музея, – расказвае дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Наталля Георгіеўна Серык.
– Нагадаю, што выкананы рамонт будынка, даху, залаў, памяшканняў музея, у тым ліку падвальных, сістэм ацяплення, водазабеспячэння, вентыляцыі, гідраізаляцыі, іншыя работы. На экспазіцыі «Прырода краю» размешчаны больш за 60 экспанатаў. На яе абсталяванне, а таксама  фае сёлета выкарыстана значная сума, у тым ліку сродкі, заробленыя случчанамі на суботніках, грант Мінаблвыканкама 22 тысячы рублёў. Экспазіцыя аснашчана спецыяльнай падсветкай.





Наталля Георгіеўна падзялілася, што плануецца распрацоўка экскурсій у гэту залу не толькі для дарослых, але і для выхаванцаў дзіцячых садоў і малодшых школьнікаў, з выкарыстаннем гульнёвых формаў. Для прагляду відэаматэрыялаў у зале маленькія наведвальнікі музея будуць размяшчацца на мяккіх падушках на падлозе. Яшчэ я даведалася, што ў музеі будзе працаваць свой інфакіёск, які ўжо знаходзіцца ў фае будынка, – з разнастайнай інфармацыяй пра залы, экспанаты, з матэрыяламі пра гісторыю Случчыны.





Дырэктар установы падзялілася, што запланавана абсталяванне астатніх экспазіцый музея: Слуцкае княства (з матэрыяламі і экспанатамі пра слуцкіх князёў, гімназію №1, выбранцаў); экспазіцыя Слуцкіх паясоў; «На скрыжаванні стагоддзяў» (канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя, разнастайныя матэрыялы і экспанаты, з выкарыстаннем фатаграфій Саміра Юхніна); «Вайна. Трагедыя. Памяць» (матэрыялы і экспанаты пра вайну 1812 года, першую Сусветную, грамадзянскую войны, другую Сусветную вайну, вайну ў Афганістане); «Славутыя землякі»; экспазіцыя, прысвечаная космасу.






Плануецца, што музей адчыніць дзверы ў пачатку наступнага года: экспазіцыя «Прырода краю» прыме сваіх першых наведвальнікаў. Дарэчы, на працягу месяца экскурсіі для случчан будуць праводзіць бясплатна.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения