Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

Адкрылі экспазіцыю, прэзентавалі часопіс

12.04.2024
Сярод нядаўніх падзей культурнага, асветніцкага жыцця Случчыны асаблівую цікавасць выклікаюць  экспазіцыя «Паэма надзвычайнай прыгажосці», якую адкрылі ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы, а таксама сустрэчы кіраўніцтва, супрацоўнікаў «Беларускага гістарычнага часопіса», Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа  ў гімназіі №1 і раённай бібліятэцы.

100-ты факсімільны экзэмпляр «Новай зямлі» – у Слуцку

Часовая экспазіцыя «Паэма надзвычайнай прыгажосці»  прысвечана паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Дырэктар Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі Людміла Гурыновіч на адкрыцці экспазіцыі нагадала, што летась адзначалася 100-годдзе з даты друкавання знакамітай паэмы. Для случчан гэты твор мае сваю адметнасць: менавіта на настаўніцкіх курсах у Слуцку ў 1923 годзе Якуб Колас прачытаў некалькі глаў сваёй паэмы. Калектыў бібліятэкі ў мінулым годзе  арганізаваў відэамарафон «Новая зямля» – чытаюць сучаснікі», прымеркаваны гэтай даце. У акцыі ўдзельнічалі 100 чалавек з 50 гарадоў і трох краін (Беларусі, Расіі, Узбекістана). Ганаровым удзельнікам акцыі была праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.

Экспазіцыя «Паэма назвычайнай прыгажосці», разгорнутая ў бібліятэцы, арганізавана ўстановай «Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа». Як адзначыла дырэктар музея Ірына Мацяс, на экспазіцыі прадстаўлены маляўнічыя ілюстрацыі да паэмы «Новая зямля» Васіля Шаранговіча, Анатоля Волкава, іншыя матэрыялы, з якімі, канечне, будзе карысна і цікава пазнаёміцца случчанам. Ірына Уладзіміраўна падарыла бібліятэцы 100-ты факсімільны экзэмпляр першага выдання паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа, іншыя кнігі класіка беларускай літаратуры.






















Экспазіцыя выклікала цікавасць у школьнікаў, іншых  наведвальнікаў.






Для педагогаў і  бібліятэкараў: карысны вопыт

Гімназія №1 Слуцка традыцыйна стала пляцоўкай для рэалізацыі мерапрыемстваў у рамках XIII педагагічнага марафону кіраўнікоў і спецыялістаў адукацыі «Педагог – якасць, даступнасць і развіццё». У гімназіі прайшло чарговае пасяджэнне метадычнага аб’ядннання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

Адметнасцю сустрэчы стала тое, што ўпершыню сумесную работу з педагогамі Случчыны ладзілі рэдакцыя  навукова-тэарэтычнага, навукова метадычнага выдання «Беларускі гістарычны часопіс» і прадстаўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Галоўны рэдактар, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр Корзюк расказаў прысутным пра 30-гадовую працу калектыву часопіса – накірункі дзейнасці, адметных аўтараў, удзел узаемадзеянне з вучнямі і студэнтамі гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. Дарэчы, у ліку аўтараў часопіса ураджэнец Случчыны Мікіта Радчанка, намеснік дырэктара СШ №13 па вучэбнай рабоце, настаўнік гісторыі кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст» Алена Трафімчык. Настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства ўхвалілі выданне спецыяльных нумароў часопіса ў серыях «Гісторыя і гісторыкі Беларусі» і «Музеі Беларусі», тэматычных блокаў навуковых і метадычных матэрыялаў, прысвечаных юбілейным датам айчыннай гісторыі.

Педагогам была прапанавана інтэрактыўная лекцыя на тэму «Фарміраванне функцыянальнай пісьменнасці – вядучая стратэгія навучання ХХІ стагоддзя».

На працягу 10 гадоў у «Беларускім гістарычным часопісе» дзейнічала рубрыка «Школа маладога настаўніка», аўтарам якой з’яўляўся Аляксандр Корзюк. Матэрыялы гэтай рубрыкі склалі аснову вучэбнага выдання «Настольная кніга настаўніка гісторыі» – першага ў краіне актуальнага практыкаарыентаванага метадычнага дапаможніка для настаўнікаў гісторыі. У ходзе семінара намеснік галоўнага рэдактара часопіса Наталля Матусевіч распавяла пра структуру кнігі, асноўныя дыдактычныя асаблівасці. Слуцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет набыў у выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» гэту кнігу для кожнай школы. Карысным вопытам для настаўнікаў паслужыў майстар-клас «Як стаць аўтарам «Беларускага гістарычнага часопіса».

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс расказала аб разнастайных матэрыялах і магчымасцях музея для азнаямлення з культурнай спадчынай Якуба Коласа для людзей розных узростаў, інтарэсаў. Напрыканцы сустрэчы музей падарыў гімназіі рэдкі асобнік факсімільнага выдання паэмы «Новая зямля». 

У Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча «Беларускі гістарычны часопіс»: гісторыя і сучаснасць». Намеснік дырэктара бібліятэкі Вольга Жарнавая адзначыла важную ролю папулярызацыі выданнем  апошніх здабыткаў айчынных і замежных навукоўцаў, пашырэння  цікавасці да гісторыі малой радзімы, падрабязнае асвятленне малавядомых фактаў. Галоўны рэдактар часопіса Аляксандр Корзюк паведаміў бібліятэкарам і наведвальнікам сустрэчы пра пастаянныя і новыя актуальныя рубрыкі, тэмы часопіса, прывёў прыклады плённага  супрацоўніцтва  бібліятэкараў з рэдакцыяй.

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі важнасць  стасункаў рэдакцыі выдання «Беларускі гістарычны часопіс» з чытачамі, вызначылі шляхі далейшага ўзаемадзеяння.















Наталля Селязнёва.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения