Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

20 студзеня прайшла прэзентацыя першых экспазіцый музея вёскі Гарадзішча. Дополнено

21.01.2018
Першыя экспазіцыі музея вёскі Гарадзішча прэзентавалі 20 студзеня. Гэта дата была абрана не выпадкова: 25 студзеня споўнілася б 65 гадоў Яўгеніі Васільеўне Сыцько, былой старасце вёскі, якая бязмежна любіла сваю малую радзіму і распачала работу па стварэнні музея ў Гарадзішчы. Яе мара ажыццявілася, цудоўную ідэю ўвасобілі нераўнадушныя людзі (глядзіце «Слуцкі край» за 3 жніўня 2017 года і 11 студзеня 2018 года).



Азнаёміцца з першымі экспазіцыямі прыйшлі мясцовыя жыхары, вучні і педагогі Бокшыцкай сярэдняй школы, дэпутаты Бокшыцкага сельскага Савета дэпутатаў, навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея Васілій Васільевіч Цішкевіч і іншыя. Відавочна, экспанаты выклікалі вялікую цікавасць: старэйшыя жыхары ўважліва разглядвалі фотаздымкі, пазнавалі сваіх знаёмых, родных, адразу пачыналі ўспамінаць мінулыя гады, падзеі. Моладзь падоўгу затрымлівалася ў этнаграфічным пакоі. Для некаторых стала адкрыццём, што сярод гарадзішчанцаў ёсць вучоныя.


Усё, што сабрана ў музеі − гісторыі сямей, фотаздымкі, рэчы − мае вялікую каштоўнасць: гэта памяць і гісторыя пакаленняў, якая будзе вывучацца, перадавацца, а значыць – жыць. Вучаніца Бокшыцкай сярэдняй школы, жыхарка Гарадзішча Маша Хрыпачова лічыць адкрыццё музея важным крокам у культурным развіцці вёскі, гэта дазволіць моладзі захоўваць традыцыйныя агульначалавечыя каштоўнасці. 

Васілій Васільевіч Цішкевіч адзначыў, якая гэта вялікая работа – стварэнне музея: сабраць, вывучыць матэрыялы, аформіць, размясціць іх, захоўваць.

Будынак былой Гарадзішчанскай школы ўвогуле планавалі знесці, у такім ён быў стане. Яўгенія Васільеўна Сыцько прапанавала зрабіць у ім музей, здолела сваёй ідэяй захапіць многіх, і вось ужо ёсць першыя вынікі. Шмат цёплых слоў прагучала ад мясцовых жыхароў усім, хто ўдзельнічаў у стварэнні музея.

Галіна Аляксандраўна Сямёнава, ураджэнка Гарадзішча,  вучылася ў Гарадзішчанскай школе, сябравала з Яўгеніяй Васільеўнай Сыцько. Цяпер жыве ў Барысаве, прыязджае ў родную вёску да сястры. 

− Гэта значная  падзея, стварэнне музея, − падзялілася яна ўражаннямі. − Дзякуй усім, хто працягвае справу Яўгеніі Васільеўны. Сюды мы будзем прыводзіць унукаў, праўнукаў. Гэта наша, роднае, мы адсюль выйшлі. Хочацца, каб наша вёска жыла і квітнела. Экспазіцыі ўразілі. Аказваецца, звычайныя нашы вяскоўцы сталі знакамітымі вучонымі, адметныя і іншымі дасягненнямі. Спадабаўся этнаграфічны пакой: узгадалася тое, што ўжо забываецца. Мне вельмі спадабалася.




Добрая справа − прыклад для іншых. Падумайце, колькі цікавых звестак, дакументаў, рэчаў захоўваецца ў кожнай сям’і. А колькі могуць расказаць бабулі і дзядулі, мамы і таты… Цікаўцеся сямейнай гісторыяй і не толькі. Без мінулага няма будучыні.

Музей вёскі Гарадзішча плануецца адкрыць у маі, да Міжнароднага дня музеяў.

Ірына ВЕЧАР.



К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения