Зразумець, дапамагчы, прадухіліць
12.01.2018
Камісіі па справах непаўналетніх працуюць ужо сто гадоў. Дзейнасць гэтага калегіяльнага органа накіравана на аказанне дапамогі непаўналетнім, сем’ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Не толькі пакараць, але і ў першую чаргу даць шанс, абараніць ад неабдуманых учынкаў, зразумець, падказаць, дапамагчы знайсці сябе, выкарыстаць шанс.
Першыя камісіі па справах непаўналетніх узніклі ў 1918 годзе ў Расіі для барацьбы з дзіцячай безнагляднасцю, бадзяжніцтвам і злачыннасцю (Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна садзейнічалі гэтым з’явам), аказання дапамогі непаўналетнім. З прыняццем дэкрэта аб заснаванні камісій па справах непаўналетніх ліквідавалі суды для непаўналетніх і такую жорсткую меру, як пазбаўленне іх волі. Камісіі выконвалі каардынацыйную і прафілактычную функцыі, у іх склад уваходзілі юрысты, педагогі і ўрачы. Прызначэнне і дзейнасць гэтага органа юрыдычна-педагагічнага ўздзеяння з часам мянялася. Але асноўныя задачы – абарона дзяцей, дапамога ў цяжкай сітуацыі, прафілактычная работа з непаўналетнімі правапарушальнікамі – застаюцца актуальнымі і сёння ў рабоце камісій па справах непаўналетніх.
У склад камісіі па справах непаўналетніх (КСН) пры Слуцкім райвыканкаме (старшыня камісіі – намеснік старшыні райвыканкама Л.Г. Дабравольская, намеснік старшыні камісіі – Т.М. Козырава, сакратар камісіі – В.Б. Трунова) уваходзяць прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, устаноў аховы здароўя, райкама БРСМ. «Праблема кожнага непаўналетняга, які трапляе на пасяджэнне камісіі, разглядаецца ўсебакова. Магчыма, ён жыве ў няўдачнай сям’і, магчыма, аступіўся... Кожнаму ў той ці іншы момант можа спатрэбіцца моцнае плячо, парада дасведчанага спецыяліста, проста разуменне і добрае слова. І гэта часта мае больш моцнае ўздзеянне, чым ушчуванні і пакаранні», – гаворыць Людміла Іванаўна Гындзіна, якая больш за 30 гадоў працавала намеснікам старшыні КСН пры Слуцкім райвыканкаме.
На Случчыне пражываюць больш за 17 тысяч дзяцей. За 2017 год на пасяджэннях КСН разгледжана 239 адміністрацыйных пратаколаў на непаўналетніх, найбольшая колькасць з іх – за распіванне і ўжыванне алкагольных напіткаў (103), парушэнне правіл дарожнага руху (61).
Члены камісіі імкнуцца разабрацца разам з падлеткамі, іх бацькамі і педагогамі, чаму непаўналетнія здзяйсняюць правапарушэнні і як пазбегнуць гэтага ў далейшым. Па пытаннях прафілактычнай работы, папярэджання падлеткавай злачыннасці наладжана ўзаемадзеянне камісіі па справах непаўналетніх са школамі, Слуцкім дзяржаўным каледжам і Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэем, інспекцыяй па справах непаўналетніх, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцай. Праводзяцца сустрэчы са спецыялістамі, спартыўныя спаборніцтвы, тэматычныя гутаркі і іншае. На жаль, не заўсёды ўдаецца дасягнуць добрых вынікаў. У 2017 годзе расследавана 16 злачынстваў (значна менш, чым у 2016 годзе), здзейсненых з удзелам непаўналетніх, у большасці гэта крадзяжы і хуліганства. Шэсць злачынстваў учынены з 8.00 да 16.00, 5 – з 16.00 да 22.00, 5 – у начны час. І бацькам, і педагогам ёсць над чым працаваць.
Асаблівая ўвага камісіі па справах непаўналетніх удзяляецца становішчу непаўналетніх у сем’ях. Сям’я – для кожнага дзіцяці, гэтай задачай аб’яднаны намаганні камісіі і ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Своечасова выявіць дзяцей, якім патрэбна дапамога, абараніць, акружыць увагай і клопатам – над гэтым працуюць сумесна камісія па справах непаўналетніх, установы адукацыі, аховы здароўя, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзел унутраных спраў і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі.
У дзейнасці па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі №18 «Аб дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдачных сем’ях» самае важнае – даць шанс нядбайным бацькам, дапамагчы ім паверыць у свае сілы і справіцца з сітуацыяй. За час дзеяння Дэкрэта №18 (з 1 студзеня 2007 года) на Случчыне 375 непаўналетніх былі адабраны (часова, да шасці месяцаў) у бацькоў (194 сям’і), якія не клапаціліся пра ўмовы іх жыцця і выхавання, злоўжывалі спіртнымі напіткамі, не працавалі, не забяспечвалі належнага догляду, і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. 258 дзяцей вернуты ў сем’і. На жаль, бацькі 102 дзяцей не выкарысталі магчымасць выправіць сітуацыю ў сям’і і былі пазбаўлены бацькоўскіх праў. За 2017 год адабрана 23 дзіцяці з 11 сем’яў, у адносінах 19 непаўналетніх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх праў.
Чужых дзяцей не бывае, так лічаць у камісіі па справах непаўналетніх пры Слуцкім райвыканкаме, таму разам з іншымі зацікаўленымі суб’ектамі скіроўваюць свае намаганні на тое, каб скарачалася колькасць непаўналетніх, якім патрэбна дзяржаўная абарона. Рэйды, акцыі, сустрэчы, індывідуальныя гутаркі і іншыя мерапрыемствы праводзяцца для гэтага.
У камісіі па справах непаўналетніх заўсёды гатовыя пайсці насустрач кожнаму, хто апынуўся ў складанай сітуацыі, падключыць неабходныя службы для вырашэння праблемных пытанняў. Галоўнае, каб і непаўналетнія, і бацькі разумелі, што толькі ад іх жадання, дзеянняў або бяздзейнасці залежыць вынік. Кожны сам будуе сваё жыццё.
Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела