Незабыўныя чэрвеньскія дні
22.06.2023
Вестка пра пачатак вайны ў 1941 годзе ў мяне, падлетка, які толькі што скончыў сем класаў, не выклікала трывогі і страху. Мне мроілася, што Чырвоная Армія, якая «От Москвы до Британских морей всех сильней», як гучала ў папулярнай тады песні, пойдзе пераможным маршам наперад і разгроміць ворага. Надзеі гэтыя падмацоўваліся ў маёй падсвядомасці і той раніцай 22 чэрвеня, калі над нашай вёскай на вялікай вышыні праляцела пачаргова аж дзевяць дзявятак двухматорных сярэдніх бамбардзіроўшчыкаў «СБ», якія трымалі курс на захад.
Я тады ўжо два тыдні пасвіў за працадзень з чвэрцю трыццаць брыгадных коней і амаль цэлы летні дзень быў каля іх. Другі дзень вайны запамятаўся тым, як я з бацькам, шафёрам калгаса ў вёсцы Паўстынь, з групай тутэйшых прызыўнікоў з запасу ехаў на паўтаратонцы ў Слуцк, дзе і развітаўся з бацькам, як скіраваў машыну да ваенкамата. Ніводзін наш самалёт не паяўляўся за ўвесь дзень над горадам. Праўда, каля палудня на вялікай вышыні на ўсход праляцеў ледзь бачны з зямлі невядомы двухматорны самалёт. Дамоў я ішоў пешшу па шашы да Вясеі і быў парадаваны, калі ў раёне каля цяперашняга льнозавода нада мною праляцела пара нашых знішчальнікаў «І-16», што базіраваліся на палявым аэрадроме паблізу вёскі Стары Гуткоў.
А ужо 24 чэрвеня ў трэцяй гадзіне дня з боку Слуцка, да якога ад нашай вёскі напрасткі кіламетраў 15, данесся першы трывожны позыў вайны – залапацелі моцныя выбухі бомбаў, а затым з таго боку ў небе з’явілася аж 18 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў, якія натужна, перарывамі набліжаліся ў поле майго зроку. Я чамусьці чакаў, што вось-вось іх атакуюць нашы знішчальнікі і пачнецца паветраны бой, але гэта былі толькі мроі. Самалёты павярнулі ў бок станцыі Некрашы, дзе паблізу месцілася МТС, скінулі на полі тры ці чатыры бомбы, выбухі якіх былі добра бачны з адлегласці пяць кіламетраў, і паляцелі на поўдзень.
І ўжо затым да самага вечара ў небе праляталі сюды-туды нават адзіночныя нямецкія бамбардзіроўшчыкі «Ю-88» з жоўтымі наканечнікамі крылаў і чорнымі крыжамі на іх. Мы, хлапчукі, хутка запомнілі сярдзіты, ракочучы гул іх магутных рухавікоў. Але ні адзін наш знішчальнік не паяўляўся ў небе ў бачным абсягу з боку маёй вёскі, хоць тыя ж «І-16» неслі па чатыры кулямёты калібру 7,62-мм і маглі атакаваць ворага.
Назвы нямецкіх самалётаў я запомніў з купленай незадоўга перад вайной у слуцкім кніжным магазіне кніжачкі-альбома з сілуэтамі замежных самалётаў, у тым ліку і нямецкіх, што стаялі тады на ўзбраенні люфтвафэ. Адрозніць іх ад нашых было проста.
Чацвёрты дзень вайны прайшоў спакойна, у небе толькі надвячоркам з захаду ў бок Бабруйска праляцеў на невялікай вышыні адзінокі бамбардзіроўшчык «СБ». Толькі ў 1980-х гадах з успамінаў камандзіра авіядывізії «СБ», што месцілася ў Бабруйску, стала вядома, што на 27 чэрвеня 1941 года з 89 самалётаў на аэрадроме засталося толькі чатыры, астатніх або збілі, або яны пашкоджанымі зрабілі вымушаныя пасадкі. Адзін «СБ» прызямліўся каля вёскі Казловічы, паўз дарогу на Ячава. На пяты дзень, 26 чэрвеня, маці разбудзіла мяне рана, гадзін у пяць. Я хуценька выгнаў з канюшні на выган паблізу вёскі табун, стрыножыў коней і прысеў узбоч дарогі на пянёк. Неба было ў лёгкіх белых аблоках, зямля дыхала спакоем. Толькі на дарозе, што вяла з вёскі Папоўцы ў бок нашай, праехала конная павозка, на якой сядзела чалавек чатыры дарослых, жанчын і мужчын, і не – меней малых дзяцей. Па іх абліччы я зразумеў, што яны яўрэі і кіраваліся хутчэй за ўсё на Урэчча, бо паехалі ў бок вёскі Паўстынь. Над выганам на невялікай вышыні прамчалі два нямецкія «Ю-88», так што праз зашклёную кабіну быў бачны твар пілота. І гэта не ўнесла трывогі ў маё хлапчуковае сэрца, я глядзеў на ўсё як на нейкую гульню. Але праз пару гадзін да вёскі стаў набліжацца адзінокі чырвонаармеец з вінтоўкай праз плячо, у запыленых ботах, са стомленым тварам. Ён так і патупаў паволі ў бок недалёкай вёсачкі Таліца.
А неўзабаве з боку Слуцка сталі даносіцца гарматныя стрэлы, выбухі, усё болей нямецкіх самалётаў абуджалі паветра рокатам. У вёску зайшлі чатыры вайскоўцы, з іх адзін – лейтэнант з прастрэленай кісцю рукі, з раны па рукаве гімнасцёркі збягала кроў. Наша вясковая акушэрка Надзея Бараноўская прамыла спіртам рану ад разрыўной кулі з самалёта, забінтавала і спытала, дзе немцы, на што лейтэнант адказаў: «Они уже в Слуцке, мы вплавь перебрались через речку Случь». Па палудню гарматныя залпы і выбухі сталі даносіцца з боку вёсак Набушава і Краснае Сяло, да якіх ад нашай вёскі сем кіламетраў. Туды з неба пікіравалі двухматорныя нямецкія знішчальнікі «Ме-110» з двухкілявым стабілізатарам на хвасце, узмывалі з-за лесу зноў, і адтуль даляталі кулямётныя чэргі і выбухі скінутых імі бомбаў. А з боку вёскі Вясея не сціхала страляніна. Паблізу дарогі пад кусцікам ядлоўцу прыселі два нашых салдаты, адзін з іх дастаў з рэчавага меха чацвярцінку гарэлкі, яны распілі яе, закусілі хлебам і, узяўшы вінтоўкі, пайшлі да Таліцы. І я тады зразумеў, нарэшце, што гэта ўсё трагедыя, адступаюць рэшткі разбітых вайсковых злучэнняў. Ад крыўды я заплакаў: мне, піянеру, было балюча ўсведамляць, як хутка немцы дайшлі сюды ад Брэста. І гора маё не ўлагодзіла нават дзявятка нашых «СБ», якія на вялікай вышыні, без прыкрыцця знішчальнікаў, плылі ў небе на захад, каб нанесці ворагу хоць які ўрон.
Пад вечар над Слуцкам ужо стаяла чорная сцяна дыму ад палаючага горада, а калі сцямнела, неба там засвяцілася чырвоным заравам. Адтуль да вёскі вецер прыносіў абгарэлыя лісткі паперы, яны паволі, як восеньскія лісты з дрэў, апускаліся на вуліцу.
М. БАРЫСЕВІЧ,
«Слуцкі край», 2 сакавіка 2010 года.
К списку записей раздела