Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

30 чэрвеня 1944 года Слуцк быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

30.06.2024
Зруйнаваны будынак сярэдняй школы №5 г. Слуцка, 1944 г.


23 чэрвеня 1944 г. пачалася Беларуская наступальная аперацыя  «Баграціён» сіламі 3 франтоў – 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага. 1-ы Беларускі фронт перайшоў у наступленне 24 чэрвеня. У прарыў 25 чэрвеня была ўведзена конна-механізаваная група генерала І.А. Пліева, якая хутка рухалася на захад, на Слуцкім напрамку. 

На світанні 30 чэрвеня па пазіцыях ворага ў Слуцку быў нанесены кароткі, але моцны артылерыйскі ўдар. Пасля гэтага з паўночна-заходняга, паўночнага і паўднёва-заходняга кірункаў часці ўсіх трох дывізій 4-га гвардзейскага Кубанскага казацкага кавалерыйскага корпуса, а з усходу часці 219-й танкавай брыгады і мотапяхоты, а таксама 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі пачалі атаку варожага гарнізона ў Слуцку. Пераадольваючы супраціўленне ворага, кавалерыйскія, мотастралковыя і танкавыя часці ўварваліся ў горад. Пачаліся вулічныя баі.

Удзельнік вызвалення Слуцка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Пятровіч Малевіч, жыхар Капыля, успамінаў: «29 чэрвеня, пасля Старых Дарог, наша часць падышла да Слуцка. Нам паведамілі, што горад добра ўмацаваны ворагам і лёгкіх баёў не будзе. Была пастаўлена задача ў ходзе хуткай атакі паспець размініраваць мост цераз Случ на ўсходняй акраіне горада і даць магчымасць прайсці па ім танкам. Бой быў пад раніцу 30 чэрвеня – гарачы і жорсткі. Пакуль пяхота і артылерыя рабілі сваю справу, мы з байцамі прабраліся пад мост і паспелі зняць пад сваямі стокілаграмовыя фугасы. А потым у справу ўключыліся танкі. І нам адставаць нельга. Рухаліся мы па цэнтральнай вуліцы горада, але горада не бачылі – усё было ў агні і дыме. Сітуацыя была складаная: немцы і паліцаі дзейнічалі невялікімі групамі, і адкуль яны з’явяцца – невядома.

Аднак да гэтага часу мы ўжо навучыліся ваяваць. Душылі ворагаў танкамі, палілі агнямётамі. Нягледзячы на супраціўленне, выбілі ўсё ж такі немцаў з горада. У раёне чыгуначнага вакзала захапілі цэлы састаў з тушамі кароў і свіней, абкладзеныя льдом. Відаць, немцы не паспелі яго адправіць. У другой палове дня на заходняй ускраіне горада крышачку перадыхнулі і зноў – наперад, да перамогі».

За мужнасць і адвагу, паспяховае выкананне аперацыі ў вызваленні Слуцка 37-й (потым Слуцка-Памеранскай) механізаванай Чырванасцяжнай брыгадзе загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 5 ліпеня 1944 г. было прысвоена ганаровае найменне «Слуцкая».

Упартыя баі праходзілі і на паўночным ускрайку горада. У гэты час у паўднёвую частку Слуцка ўступілі часці 3-га гвардзейскага корпуса 28-й арміі. Пасля гэтага, не вытрымаўшы націску, гітлераўцы невялікімі групамі і падраздзяленнямі з баямі пачалі адыходзіць з горада, пакідаючы на сваім шляху шмат паране-ных і забітых, разбітай тэхнікі. Днём, 30 чэрвеня, камандаванне конна-механізаванай групы далажыла ў штаб фронта, што ў 11 гадзін 30 хвілін Слуцк вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але яшчэ гадзіны дзве на заходняй ускраіне горада працягваліся баі. 

У вулічных баях за Слуцк было знішчана 13 нямецкіх танкаў, 2 бронетранспарцёры, 2 артбатарэі, 4 мінамётныя батарэі, 3 дзоты, да 700 салдат і афіцэраў, былі захоплены палонныя, трафеі. Выбіўшы гітлераўцаў з горада, нашы часці адбілі танкавую контратаку ворага ў раёне вёскі Лучнікі і не далі яму прарвацца ў Слуцк. Адступаючы, нямецкія факельшчыкі ў вёсцы Бранавічы ўчынілі дымавую завесу. Многія дамы былі спалены.

У баях за вызваленне Слуцка актыўны ўдзел прымала авіяцыя, якая з паветра прыкрывала сухапутныя войскі. Штурмавікі 431-га авіяпалка атрымалі заданне: «...нанести в тылу врага штурмовой удар по технике и живой силе противника, скопившейся на железнодорожной станции Слуцк, вывести ее из строя». Павел Герасімавіч Плохаў успамінаў

«Вылет на станцию Слуцк состоялся утром 29 июня 1944 года. От этого вылета зависел успех важной оперативно-стратегической операции на одном из участков фронта. Маршрут был рассчитан точно на полный радиус действия, примерно на 180 – 190 километров. Ведущим назначили командира первой эскадрильи капитана Д.И. Смирнова, Героя Советского Союза, заместителем ведущего был лейтенант Дроботов. Прикрывали штурмовиков восемь истребителей ЛА-5...».

431, 218 і 874-му штурмавым авіяпалкам за вызваленне горада Слуцка было прысвоена ганаровае найменне «Слуцкіх». Такое ж найменне атрымалі часці і злучэнні: 10-я гвардзейская Кубанская казацкая кавалерыйская дывізія, 1-я асобная знішчальна-процітанкавая артылерыйская брыгада, 37-я механізаваная брыгада, 53-і асобны матарызаваны пантоннамаставы батальён, 91-ы інжынернасапёрны батальён.

Вялікую дапамогу гвардзейцам і коннікам-пліеўцам аказалі партызаны, якія захоплівалі масты, пераправы, утрымлівалі іх да падыходу часцей Чырвонай арміі. Яны былі добрымі праваднікамі, па лясах і балотах выводзілі перадавыя атрады на шляхі адыходу ворага і разам з воінамі грамілі яго. Так, партызанская брыгада №64 імя В.П. Чкалава (камандзір М.М. Розаў) па ўзгадненні з савецкім камандаваннем заняла пераправу каля населенага пункта Пагост цераз раку Случ і сумесна з воінамі Чырвонай арміі павяла наступленне на Слуцк. 

1 ліпеня была поўнасцю вызвалена тэрыторыя Слуцкага раёна. Горад стаў прыфрантавым. У ім размясціліся тылавыя часці, шпіталь.

Паводле кнігі «Памяць. Слуцк. Слуцкі раён». Т. 3.
К списку записей раздела